Рэпрэсаваныя святары

Вернутыя імёны. Пра лёс рэпрэсаваных святароў з Плешчаніц і навакольных вёсак Хатаевічы, Крайск, Горна, Гаравец, Камена, і іншых навакольных населеных пунктаў (якія ў тыя часы ўваходзілі ў склад Плешчаніцкага раёна)

З 988 года ў жыццё нашых продкаў увайшло праваслаўе (заўвага. відаць маецца на ўвазе – храсціянства, бо падзел хрысцінства на праваслаўе і каталіцтва адбыўся значна пазней. – У.А. Акуліч), якое значна уплывала на іх духоўнасць. Людзі будавалі храмы і манастыры, абаранялі Веру і Айчыну ад ворагаў, маліліся за шчаслівы лёс дзяцей, якія атрымалі магчымасць набываць веды ў царкоўнапрыходскіх школах, што адкрываліся паўсюдна.

Аднак час змяніўся, і адукаваныя святары трапілі ў спісы ворагаў на­рода. У кнізе Л. Макарава “Рэпрасаваныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917-1967 гг.”, выдадзенай у 2007 г., змешчана больш за 2500 прозвішчаў тых, хто пацярпеў за веру. Сярод іх ёсць і нашы землякі. Сёння мы раскажам пра іх. І не толькі для таго, каб аддаць даніну памяці нявінным ахвярам, a i з надзеяй, што знойдуцца і адгукнуцца тыя, хто ведаў гэтых людзей. Іх успаміны дапамаглі б з першых вуснаў даведацца пра час, які ніколі не павінен паўтарыцца.

На месцы цяперашняй царквы ў вёсцы Акцябр на пачатку мінулага стагоддзя (заўвага. тады гэта вёска называлася Хатаевічы, як яе называюць жыхары і сёння, бо Акцябр – ніхто ў народзе не называе. – У.А. Акуліч) стаяў вялікі прыгожы храм Мікалая Цудатворца. Яго настаяцелем быў Васіль Ажгірэй, якога ў 1929 г. арыштавалі і выслалі ў Іркуцкую вобласць. Далейшы лёс яго невядомы. Затое існуе дакладная інфармацыя, што 30-гадовы сын святара Леанід – палітрук Чырвонай Арміі – загінуў у 1942 г., абараняючы Айчыну.

Ураджэнец Бяларуч Ніканор Гарачка скончыў Пінскую духоўную семінарыю і вярнуўся дамоў, каб служыць псаломшчыкам. Справу бацькі працягваў і сын Іван, які быў прызначаны настая­целем храма ў вёсцы Лошніца. З жонкаю яны гадавалі дзіця. Гэтая акалічнасць не абараніла маладога мужчыну ад вышэйшай меры пакарання. Да 5 гадоў лагерных пакут прыгаварылі і яго малодшага брата Антона.

Трагічны лёс напаткаў сям’ю Садоўскіх з Плешчаніц. Тут, у мясцовай Св. Троіцкай царкве, пасля семінарыі ў якасці псаломшчыка служыў М.Я. Садоўскі. 3 часам яго рукапалажылі ў іерэя і прызначылі настаяцелем храма ў вёсцы Свяда Барысаўскага павета. Благачынны выбіраўся членам будаўнічага камітэта, а за старанную службу меў царкоўныя ўзнагароды. Па ўспамінах родных, у пачатку 1930-х Міхаіла Якаўлевіча закатавалі, прывязаўшы за конную запрэжку. Потым арыштавалі яго сына Міхаіла, якога адправілі ў лагер, адкуль ён так і не вярнуўся. У 1937 г. у Мінскую турму НКВД быў дастаўлены С.Я. Садоўскі, які спачатку служыў у мястэчке Смалявічы, а потым – у Койданаве. Благачыннага, у сям’і якога выхоўваліся дач­ка і сын, расстралялі. Не пазбегнуў пакарання яшчэ адзін брат – І.Я. Садоўскі. На час арышту ён працаваў бухгал­тарам. Мерай пакарання для Івана Якаўлевіча стала вы­сылка, у якой яго жыццё абарвалася.

Такі ж лёс напаткаў ураджэнца Гайны Уладзіміра Маскалевіча, які спачатку служыў у Каменскай царкве, а потым змяніў свайго бацьку на пасадзе настаяцеля Успенскага храма ў роднай вёсцы.

Разам з сям’ёю трапіў у Сібір і не вярнуўся адтуль святар царквы з вёскі Горна К.Е. Будоль. Невядомы да­лейшы лёс высланных у лагеры свяшчэннаслужыцеляў А.I. Зубовіча з Лагойска, М.Г. Смірнова з Малых Бясяд, сына настаяцеля Каменскай царквы Антонія Трыдзенскага – Феафіла, які быў благачынным у Жодзіне, а таксама ўраджэнца вёскі Фільянова А.Ф. Косава, якога рука катаў адшукала далека ад родных месцаў – у г. Каломна, дзе ён жыў і служыў. А іераманаха М.Ф. Філіманюка назаўсёды адправілі ў высылку з Гараўца (вёскі Гаравец) разам са старастам мясцовага храма і актывістамі-прыхаджанамі.

У засценках ГУЛАГа загінуў настаяцель Плешчаніцкай Свята-Троіцкай царквы I.У. Бруякін. Смерць у Магілёўскім астрозе прыняў член царкоўнага савета з Хатаевіч I.К. Сімановіч, які падчас арышту працаваў на Бабруйскім ільнокамбінаце.

Толькі траім святарам наканавана было прайсці праз жорсткія выпрабаванні і застацца ў жывых. У1953 г. з лагера, што размяшчаўся ў Магаданскай вобласці, быў вызвалены А.А. Гандаровіч, які трапіў за краты адразу пасля вайны з Крайска – апошняга месца службы.

Пасля 14 гадоў невыноснага існавання вярнуўся на радзіму I.Г. Ізмер. Паходзіў Іван Георгіевіч з сялянскай сям’і. Скончыў народнае вучылішча і Мінскую духоўную семінарыю, атрымаў сан іерэя і пасаду на­стаяцеля царквы ў в. Гаць (Швабаўка), пасля закрыцця якой быў псаломшчы­кам у Зембіне.

Больш за 40 гадоў служыў у Лагойску В.I. Вержбаловіч. У1934 годзе апынуўся ў высылцы, з якой вярнуўся праз 6 гадоў, каб зноў служыць Богу і людзям. Падчас вайны айцец Васіль прытуліў у сваёй хаце і выратаваў яўрэйку Веру Самцэвіч.

Выклікае павагу адданасць, з якой неслі гэтыя святары свой крыж. I хаця па зямных мерках іх лёс шчаслівым не назавеш, яны заслужылі месца ў Царстве Нябесным.

Звесткі з кнігі Леаніда Маракова выпісала і падрыхтавала да друку краязнаўца Галіна Іванаўна Полсычава
Крыніца: газета “Родны край”

Ваш комментарий будет первым

Написать ответ

Выш Mail не будет опубликован


*


девять − восемь =